Спыніцеся
Сканчэнне старога года і пачатак новага – гэта час, калі мы азіраемся, падводзім вынікі і таксама плануем будучыя мэты, передаёт «Хартыя'97».
Сьвята Раства – гэта спрыяльная часіна троху суцішыць бег і ацаніць баявую абстаноўку. І як бы ва ўнісон гэтаму часу чытаюцца словы біблійнага прарока:
“Спыніцеся на шляхах вашых і разгледзьцеся,
і запытайцеся пра шляхі старадаўнія, дзе шлях добры,
і ідзіце па яму, і знойдзеце супакой душам вашым”
(Біблія, Кніга прарока Ярэміі, 6:16).”
І вось мы аглядаемся на шляхі гэтага года. Пачынаўся ён Рэвалюцыяй годнасці ў Кіеве, працягваўся расейскай інтэрвенцыяй ва Ўкраіну, а сканчваецца фінансавым калапсам аўтарытарных рэжымаў. А мы ўвесь год сочым. Сочым і сочым. І ўсё больш і больш рушыцца ілюзіяў, усё больш расчараванняў.
Год таму нехта думаў, што добры шлях вядзе ў Расею, а сёння ён бачыць ненасытную звар’яцелую Арду, якая 90 глоткамі са 100 галосіць: “Крым наш!”
Яшчэ год таму іншы разважаў, што ЕС і ЗША – гэта гаранты міру на Еўрапейскім кантыненце, а сёння ён недаўменна пазірае на палітыку двайных стандартаў, калі адна рука піша “заклапочаныя” рэзалюцыі, а другая прыкармлівае дыктатарскія рэжымы.
Шукаючы праўдзівы шлях мы ўсе радаваліся за перамогу справядлівасці і свабоды ва Ўкраіне, а сёння мы з разгубленасцю глядзім на ўкраінскае кіраўніцтва, – вынесенае да ўлады высокімі ідэаламі Майдану – якое цалуецца з суседнім дыктатарам і расхвальвае ягоную магільную стабільнасць.
Мы глядзім на гэта і многае іншае ды думаем: калі яно так, дык дзе ж тады шлях добры?!Дзе праўда?! І многія згаршаюцца. Многія расчароўваюцца ў любых каштоўнасцях і тым больш у любых людзях. Бо як не расчаравацца, калі няма добрага шляху, калі няма праўды?
На жаль так было і так будзе. Так будзе да таго часу, пакуль мы не пакінем ускладаць свае спадзяванні на чалавекаў.
Але ёсць надзея. Ёсць Шлях і ёсць Праўда. І яна, тая Праўда, усё яскравей гарыць у гэтыя дні каляднаю зоркаю. “Я ёсьць шлях, праўда і жыццё”, – сведчыць пра Сябе Ісус Хрыстос (Яна 14:6).
І як бы каму ні хацелася адваротнага, але само жыццё сведчыць, што не на Захадзе Праўда і тым больш не на Ўсходзе, але Праўда, тая Праўда, якая ніколі не расчаруе і ніколі не падмане, у Ім – у Хрысце Ісусе, нараджэнне Якога мы і святкуем гэтымі днямі.
Дык няхай напярэдадні новага года кожны з нас паспрабуе спыніцца на сваіх шляхах ды разгледзець, дзе шлях добры – і па Ім ісці. З Божым Нараджэннем усіх, з Новым годам!
Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org
Понравилась статья? Поделитесь ей с друзьями:
Добавить комментарий!